ШАГ «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны»

21.10.2021

21 кастрычніка ў Кухчыцкім НПК вучні 9 класа прынялі актыўны ўдзел у правядзенні інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна» па тэме «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны».

Падчас інфармацыйнага блока «Мэты фашысцкай Германіі ў вайне супраць Савецкага Саюза» настаўнік гісторыі Валасевіч Д.М. пазнаёміла рабят з прычынамі нападу Германіі на СССР, аб распрацоўцы плана «Ост» з выкарыстаннем ілюстрацый вучэбнага дапаможніка «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)».

У інфармацыйным блоку «План «Барбароса» кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Місюкевіч М.М. расказаў вучням аб падпісанні 18 снежня 1940 г. А.Гітлерам дырэктывы № 21, якая больш вядомая пад назвай план «Барбароса». У працы з картай «Пачатак Вялікай Айчыннай вайны» падлеткамі былі разгледжаны асноўныя напрамкі нападу груп армій «Поўнач» і «Поўдзень» на савецкія войскі, метады вайны з СССР, прааналізаваны дадзеныя табліцы «Суадносіны ўзброеных сіл Заходняй Асобай ваеннай акругі і групы армій «Цэнтр».

Інфармацыйны блок «Напад Германіі на СССР. Прыгранічныя баі» пачаўся з прагляду «Обращения Левитана 22 Июня 1941 года. Объявление о начале войны. Вставай, страна огромная…»  і праслухоўвання песні «Свяшчэнная вайна», пасля чаго рабятамі быў прааналізаваны сам тэкст звароту. Падчас прагляду медыятэксту «Як пачыналася вайна» настаўнік прапанавала паразважаць над пытаннямі па вызначэнні характару вайны з боку Германіі і з боку СССР, чаму для насельніцтва і кіраўніцтва краіны пачатак вайны стаў нечаканым.

У інфармацыйным блоку «Дзейнасць савецкага кіраўніцтва па арганізацыі абароны краіны: мабілізацыя, народнае апалчэнне, эвакуацыя» вучні працавалі ў групах з ілюстрацыямі і схемамі па вызначэнні канцэнтрацыі ўлады СССР у гады вайны.

Запрошаным госцем інфармацыйнай гадзіны стала Есіс Людміла Аляксандраўна, кіраўнік спраў Кухчыцкага сельскага выканаўчага камітэта. У ходзе выступлення Людміла Аляксандраўна звярнула ўвагу прысутных на ролю распаўсюджвання нагляднай агітацыі падчас баявых дзеянняў на тэрыторыі СССР.