Дзень “Музея ў чамадане”

19.10.2021

19 кастрычніка ў Кухчыцкім НПК прайшоў дзень “Музея ў чамадане”. Удзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод”, вучні 5-7 класаў, арганізавалі і правялі для сваіх аднакласнікаў тэматычныя экскурсіі.

Вучні 5 класа пазнаёміліся са старонкамі піянерскага жыцця сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Разгледзелі фотаздымкі, атрыбуты піянераскай арганізацыі: сцяг, барабан, горн, элементы формы. Асаблівую цікавасць выклікалі альбомы, якія пасля паходаў савецкія піянеры афармлялі самастойна.

Шасцікласнікаў з экспазіцыяй “Успаміны пра вайну” пазнаёміла Пашко Кацярына. Вучні абмеркавалі сімвалы Перамогі ў Беларусі і Расіі (яблыневы цвет і георгіеўская лента), пазнаёміліся з газетамі ваеннага часу, пралісталі школьную Кнігу памяці. Асабліва шчымлівыя пачуцці выклікаў фотаздымак 1975 года, на якім можна бачыць усіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Кухчыцкага сельсавета. На жаль, ніводнага з іх сёння ўжо няма з намі.

Вучні 7 класа атрымалі шмат новых ведаў пра жыццё сваіх продкаў на пачатку дваццатага стагоддзя, дзякуючы выставе “Друкаванае слова “для народа” ў пачат ку 20 стагоддзя”. Падлеткаў зацікавіла, што чыталі і па якіх падручніках вучыліся жыхары Кухчыц 100 гадоў таму назад.